Як прайшоў канцэрт Макса Каржа ў Варшаве і што казалі яго фанаты. ВІДЭА

Макс Корж. Канцэрт ў Варшаве на Нацыянальным стадыёне

9 жніўня ў Варшаве на Нацыянальным стадыёне прайшоў маштабны канцэрт беларускага рэпера Макса Каржа, разьлічаны на 60 тысяч гледачоў.

Праверка перад уваходам на стадыён.

Фанаты Каржа зьбіраліся каля стадыёну ў Варшаве, у іх пачалі забіраць бела-чырвона-белыя і ўкраінскія сьцягі.


Далей адбываліся затрыманьні фанатаў, якія пераскоквалі з трыбунаў на танцавальную пляцоўку. Арганізатары заяўлялі, што канцэрт можа быць прыпынены праз парушэньні парадку, паведамляў тэлеграм-канал Варшава-новости.

У выніку канцэрт распачаўся са спазьненьнем на некалькі гадзінаў.

А вось што казалі наведвальнікі канцэрту Каржа. Некаторыя зь іх прыехалі ня толькі зь Беларусі, але і зь іншых краінаў Эўропы.


Макс Корж — 36-гадовы сьпявак з Лунінца. Яшчэ ў 17-гадовым узросьце разам зь сябрамі стварыў беларускамоўны праект Lunclan. Пасьля гэтага ў Каржа было яшчэ некалькі музычных праектаў, якія не прыносілі вялікага посьпеху. Прарыўным для музыкі стаў 2012 год, калі зьявілася кампазыцыя «Небо поможет нам», яна адразу выйшла на першыя пазыцыі ў музычных чартах Расеі. Так музыка займеў вялікую папулярнасьць у Расеі.

З часам Макс Корж у многіх сваіх кліпах пачаў пакідаць нешта беларускае: у «Матыльку» ён грае на піяніна «Беларусь», у «Кантрольным» зьяўляецца бел-чырвона-белы сьцяг, у «Слове пацана» сьпявак размаўляе зь сябрамі па-беларуску, у «Малый повзрослел» нібыта выпадкова ў кадар трапляе падручнік беларускай мовы, у «Шантажы» зьяўляецца чалавек у байцы «Край дужых» і інш.

У 2020 годзе Макс Корж падтрымаў пратэсты ў Беларусі. 15 жніўня 2020 году яго бачылі ля Акрэсьціна. Потым ён прыехаў на Пушкінскую, дзе адбывалася разьвітаньне з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім. У кліпе «Яе віной», які выйшаў у лістападзе 2020 году, Корж адлюстраваў тагачасны Менск з спэцтэхнікай, АМАПам, мноствам бел-чырвона-белых сьцягоў, якія людзі вывешвалі з бальконаў сваіх кватэр.

24 лютага 2022 году Корж асудзіў вайну Расеі супраць Украіны. У 2022 годзе, пасьля пачатку вайны, ён выпусьціў антываенную песьню «Свой дом», а ў другую гадавіну вайны выйшла ягоная антываенная песьня «Холодное утро».
Апошнія гады Макс Корж не выступаў у Беларусі, бо яго ўнесьлі ў так званы неафіцыйны «чорны сьпіс» музыкаў. Праз сваю антываенную пазыцыю сьпявак таксама трапіў у расейскі «чорны сьпіс» артыстаў і ня можа выступаць у Расеі.