Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве працягвае скарачацца колькасьць беларусаў зь легалізацыяй


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Зь пікавага пэрыяду, які прыпаў на пачатак 2024 году, колькасьць легалізаваных у Літве беларусаў скарацілася на 10 205 чалавек.

Як гавораць зьвесткі Дэпартамэнту міграцыі Літвы, колькасьць беларусаў зь дакумэнтамі, што легалізуюць знаходжаньне ў краіне, перажыло вялікія скачкі. Калі на 1 студзеня 2023 году дакумэнты мелі 48 804 беларусы, дык праз год колькасьць рэзка вырасла да 62 167 грамадзянаў Беларусі. Аднак ужо на пачатку 2025 году такх людзей было 57 511, а на 1 чэрвеня 52 662 чалавекі.

Статыстыка на пачатак жніўня паказала на тое, што лічба працягвае падаць — цяпер у Літве легалізаваныя толькі 51 962 беларусы. Звыш 5,5 тысяч чалавек страцілі дазвол на жыхарства ў краіне і іншыя дакумэнты, што дазваляюць там знаходзіцца.

Лічбы паказваюць і на скарачэньне легалізаваных у Літве грамадзянаў Украіны і Расеі. А рост назіраецца сярод грамадзянаў Бангладэш, Індыі і Пакістану.

У ліку беларусаў зь легалізаваным побытам 47 832 маюць часовы дазвол на жыхарства, 3914 — пастаянны, 141 — часовую картку рэзыдэнта Эўразьвязу, 75 — пастаянную.

36 616 беларусаў маюць літоўскі дазвол на працу, і гэта больш за іншых замежнікаў. Значна адстаюць украінцы, у якіх меней за 21,5 тысячу. З гуманітарных меркаваньняў дазвол на пражываньне ў Літве маюць 1078 беларусаў, і гэта крыху меней за ўкраінцаў. 933 беларусы жывуць у Літве на падставе навучаньня ў мясцовых установах, і гэта трэцяе месца пасьля грамадзянаў Індыі і Пакістану.

Раней шэрагу беларусаў адмовілі ў легалізацыі знаходжаньня ў Літве з прычынаў «пагрозы нацыянальнай бясьпецы», якую вызначылі мясцовыя спэцслужбы. Некаторыя беларусы скардзіліся, што такія вэрдыкты выдаваліся, напрыклад, за працу ў пажарнай службе ў Беларусі шмат гадоў таму.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG