Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп: сустрэча з прэзыдэнтам Расеі адбудзецца 15 жніўня на Алясцы


Дональд Трамп на падпісаньні дакумэнтаў паміж Азэрбайджанам і Армэніяй, 8 жніўня 2025
Дональд Трамп на падпісаньні дакумэнтаў паміж Азэрбайджанам і Армэніяй, 8 жніўня 2025

Абодва бакі пацьвердзілі месца і дату сустрэчы.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ягоная сустрэча з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным адбудзецца 15 жніўня на Алясцы.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, у Расеі гэтую дату пацьвердзілі і патлумачылі месца сустрэчы тым, што гэты амэрыканскі штат знаходзіцца блізка да мяжы з Расеяй.

Афіцыйных падрабязнасьцяў аб заплянаванай сустрэчы пакуль няма.

Адказваючы на пытаньні журналістаў увечары 8 жніўня пасьля падпісаньня дакумэнту паміж Азэрбайджанам і Армэніяй, Трамп ня выключыў, што патэнцыйная мірная дамова паміж Расеяй і Ўкраінай будзе ўключаць «абмен тэрыторыямі».

«Адбудзецца некаторы абмен тэрыторыямі на ўзаемную карысьць... Мы нешта вернем, мы нешта абмяняем», — сказаў Трамп і дадаў, што неўзабаве адбудзецца канкрэтная размова на гэтую тэму.

На гэтую заяву раніцай 9 жніўня адрэагаваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Украінцы абараняюць сваё. Нават тыя, хто з Расеяй, ведаюць, што яна робіць зло. Вядома, мы не дамо Расеі ўзнагарод за зробленае. Украінскі народ заслугоўвае міру. Але ўсе партнэры павінны зразумець, што такое годны мір. Гэтую вайну трэба заканчваць, і Расея павінна яе закончыць. Расея яе пачала і зацягвае. [...] і менавіта гэта праблема, ня нешта іншае», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што адказ на ўкраінскае тэрытарыяльнае пытаньне ўжо ёсьць у Канстытуцыі краіны. «Адступаць ад гэтага ніхто ня будзе і ня зможа. Дарыць сваю зямлю акупанту ўкраінцы ня будуць», — заявіў ён.

У той жа час, Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Ўкраіна гатова супольна з прэзыдэнтам ЗША і ўсімі іншымі партнэрамі працаваць дзеля рэальнага і ўстойлівага міру.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG