У інтэрвію часопісу Time Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вызваленьне палітвязьняў стала вынікам ягоных перамоваў з ЗША, а сучасная беларуская апазыцыя ня мае да гэтага ніякага дачыненьня. Паводле reform. news, Лукашэнка не адказаў наўпрост, ці варта чакаць далейшых вызваленьняў, у тым ліку, Марыі Калесьнікавай.
«Мы можам чакаць такіх крокаў, вызваленьня Калесьнікавай ці іншых, пра якія просяць?» — спытаў журналіст Сайман Шустэр.
«Ты толькі што мне крылатую фразу сказаў: „Усё можа быць“. Усё магчыма. Гэта нашы канкрэтныя дамоўленасьці, калі мы выконваем свае абавязаньні. Дарэчы, хачу заўважыць, каб я не забыўся: нашы гэтыя зьбеглыя — я іх апазыцыяй не лічу... Нашы зьбеглыя ніякага дачыненьня да гэтага ня маюць. Яны ня ўдзельнікі перамоваў па вызваленьні гэтых людзей. Яны ніколі і ня ставілі пытаньне аб вызваленьні, ну, выключаючы там Пазьняка і старой, як кажуць, гвардыі апазыцыйнай, якая на Захадзе. Яны ўвесь час за адмену санкцыяў, за палітвязьняў ваююць», — сказаў Лукашэнка.
Шустэр пацікавіўся, ці гатовы Лукашэнка вызваліць Калесьнікаву дзеля яго сустрэчы зь дзяржсакратаром Марка Рубіё або Дональдам Трампам.
«Ну, напрыклад, дзеля сустрэчы з Рубіё ці Трампам? Ці магчыма, дапускаеце такі абмен, што Калесьнікаву на волю?» — спытаўся Шустэр.
Лукашэнка ў адказ прыгадаў Сяргея Ціханоўскага, пра якога Шустэр не пытаўся:
«Вы ведаеце, вось вы кажаце Ціханоўскі, але ня кажаце пра тых 13. Было 14 апошні раз. Раней там пяць было, тры, пяць — каго прасілі, скажу шчыра, амэрыканцы. Прасілі. Вам трэба — ну давайце дамовімся, мы адпускаем іх. Некаторыя проста заяўлялі, што яны забіць прэзыдэнта хацелі. Яны ў нас і ў вас бы сядзелі доўгі час. Але я іх памілаваў, адпусьціў...
Гэта значыць, вось былі канкрэтныя мэты. Я навошта гэта кажу? Вы кажаце — Ціханоўскі. Слухайце, але там яшчэ было апошні раз 13 чалавек... Я кажу: ну, слухайце, гэтая Сьвятлана Ціханоўская ўжо плачацца, як хоча ўзьяднацца. Сям’я там, дзеці, двое дзетак. Добра, я прыму рашэньне па Ціханоўскім. Гэта было маё рашэньне. Але цяпер я бачу, што незадаволеныя вы, Захад і асабліва беглыя незадаволеныя, што я яго адпусьціў» — сказаў Лукашэнка.
«Я думаю, задаволеныя. Але сваякі Калесьнікавай таксама плачуць», — адрэагаваў Шустэр.
«Калесьнікавай? Ну, няхай плачуць. Што Калесьнікава, што іншыя. Яны ж налічылі больш за 1000 [палітвязьняў]. Дык чым яны ад Калесьнікавай адрозьніваюцца? Калесьнікава і Ціханоўскія — іх віна ў тым, што яны ўцягнулі многіх людзей у гэта і кінулі», — сказаў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка 25 ліпеня даў інтэрвію амэрыканскаму часопісу Time, яго суразмоўцам стаў журналіст і пісьменьнік Сайман Шустэр. Дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі запіс інтэрвію 8 жніўня.
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.
Форум