Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве пахавалі ўкраінскую журналістку, якая загінула ў расейскім палоне


Партрэт Вікторыі Рошчынай у Міхайлаўскім саборы Кіева, 8 жніўня 2025
Партрэт Вікторыі Рошчынай у Міхайлаўскім саборы Кіева, 8 жніўня 2025

У Кіеве на Байкавых могілках пахавалі ўкраінскую журналістку Вікторыю Рошчыну, якая загінула ва ўкраінскім палоне.

Перад гэтым адбылася служба ў Міхайлаўскім саборы, а потым цырымонія разьвітаньня прадоўжылася ў цэнтры Кіева на Майдане Незалежнасьці.

Вікторыя Рошчына працавала ў такіх выданьнях як «Українське радіо», «UA: Перший», hromadske, «Українська правда», «Новости Донбасса», «Цензор.нет» і Ўкраінскай службе Радыё Свабода.

У 2022 годзе яна атрымала прэмію Міжнароднага фонду жаночых СМІ за мужнасьць у журналістыцы.

У сакавіку 2022 году расейскія вайскоўцы затрымалі яе на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, але потым адпусьцілі. Улетку 2022 году Вікторыя Рошчына спрабавала ў другі раз трапіць на часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, а 3 жніўня зьнікла.

24 красавіка 2025 году стала вядома, што цела Вікторыі Рошчынай вярнулі ва Ўкраіну. Тады высьветлілася, што цела вярнулі безь некаторых унутраных органаў, што ўказвае на катаваньні, якія яна перажыла.

Праз стан цела ўкраінскія экспэрты пакуль не змаглі ўстанавіць дакладную прычыну сьмерці журналісткі. Прычына сьмерці таксама не пазначаная і ў лісьце Міністэрства абароны Расеі, які атрымаў бацька журналісткі.

Бацька Вікторыі Ўладзімір Рошчын некалькі разоў пісаў звароты ў расейскія ведамствы, спрабуючы даведацца, што здарылася зь ягонай дачкой, але ні на адно зь іх не атрымаў зьмястоўнага адказу.

7 жніўня стала вядома, што ўкраінскія сьледчыя ў справе пра гібель Журналісткі паведамілі аб падазрэньні кіраўніку сьледчага ізалятара № 2 у Таганрогу Растоўскай вобласьці, які, паводле сьледзтва, арганізаваў катаваньне Вікторыі Рошчынай.

Сьледчыя мяркуюць, што ў ізалятары была «арганізаваная сыстэма рэпрэсіўнага абыходжаньня з грамадзянамі Ўкраіны, у тым ліку цывільнымі асобамі».

Вікторыю Рошчыну ўтрымлівалі ў гэтым ізалятары пасьля затрыманьня на часова акупаванай тэрыторыі Запароскай вобласьці. У паведамленьні Офісу генэральнага пракурора адзначалася, што там яе сыстэмна катавалі, зьбівалі, прыніжалі, абмяжоўвалі ў доступе да мэдычнай дапамогі, пітной вады і ежы. Апроч таго, супраць яе выкарыстоўвалі фізычныя пакараньні і псыхалягічны ціск з патрабаваньнем супрацы з адміністрацыяй установы

Справу супраць начальніка расейскага ізалятара будуць разглядаць завочна паводле ч. 2 артыкулу 28, ч. 1 артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — жорсткае абыходжаньне з цывільным насельніцтвам, учыненае паводле папярэдняй змовы групай асобаў. Сьледзтва працягвае высьвятляць усіх асобаў, датычных да злачынстваў супраць Вікторыі Рошчынай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG